Welcome visitor you can log in or create an account

Прыстань варагаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Варагі – чужаземныя ваяры, якія дзіўным чынам паспрыялі стварэньню першых селішчаў ды гарадоў і пазнейшаму сфармаванню іх у першыя княствы-дзяржавы на тагачасных абшарах сённяшняй Беларусі. Захопніцкая і гандлёвая экспансія вікінгаў, а таксама карэнных мешканцаў берагоў паўночнай Балтыі, дазваляла злютаваным воям, учыняючы гвалт і крадзёж, прасоўвацца на баявых ладдзях-дракарах уздоўж рэк у самыя глыбіні тэрыторый славян-крывічоў ды ліцвінаў і далей, да Чорнага мора, да багатых грэкаў. Так і склаўся-заснаваўся цягам тысячагоддзяў слынны шлях «з варагаў у грэкі». Блізу паўнаводных рэк ды іх прытокаў, дзе спрадвек жылі нашы продкі, асядалі прышлыя ваяры, што настойліва рухаліся на поўдзень, і стваралі прыстанкі-паселішчы, падпадаючы спакваля пад асіміляванне тутэйшым народам.

Цяпер інсталяцыя гэткага прыстанку зладавана тут, на беразе ракі Сула. Старажытнае селішча аточана плотам. Вакол пляцу, у цэнтры якога месціўся дом старэйшыны – князя-ваяра, дзе збіралася веча, збудаваны хаціны, усярэдзіне якіх разгорнута экспазіцыя побыту варагаў, што прыжыліся на нашых землях і пераймалі спакваля нашы традыцыі. На беразе ўладавана гандлёвая прыстань, з прышвартаванымі да яе лодкамі і паўнапамерным баявым дракарам – ладдзёй варагаў.

Перад гасцямі Парку-музэя інтэрактыўнай гісторыі «Сула» паўстае выбар – скарыстаць унікальную магчымасць і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай «варажска-грэцкай» дзеі альбо папросту застацца начаваць у старадаўнім прыстанку і паспытаць «смаку» побыту й звычаяў папярэднікаў, выпрабаваць саміх сябе ў ратным майстэрстве, пажывіцца хлебам і мёдам варагаў, а таксама выправіцца сапраўдным дракарам у шлях «з варагаў у грэкі».

Фотагалерэя: