Беларускае мястэчка
Музей беларускага мястэчка сфармаваўся вакол адзінай ацалэлай на тэрыторыі сядзібы драўлянай хаты мінулага стагоддзя. Падчас рэканструкцыі комплекса да яе далучыліся суседзі - гэткія ж старыя драўляныя зрубы - сведкі мінулых часоў, якія набылі другое нараджэнне і новае жыццё ў якасці музейных аб'ектаў.
Экспазіцыі, што размясціліся ў іх, распавядаюць наведнікам пра розныя бакі такой ўнікальнай ды непаўторнай культурнай з'явы, як жыццё беларускіх мястэчак XIX стагоддзя. У іх жылі побач, па-суседску, уплываючы адзін на аднаго, але ж не змешваючыся сацыяльна ды антрапалагічна, тры нацыі - беларуская, габрэйская і татарская. І хаця кожны з народаў цалкам захоўваў сваю нацыянальную ідэнтычнасць, культура беларускага мястэчка ўяўляла сабой унікальную мазаіку традыцый, моваў ды рамёстваў.
Наведаўшы нашую местачковую траўную аптэку, Вы здолееце пагрузіцца ў незвычайную атмасферу лéкарства мінулых эпох, якое тады яшчэ не пахла фармалінам ды спіртам, але ж выключна духмянымі беларускімі зёлкамі. Залы аптэкі-музея распавядуць ад асаблівасцях лячэння ў даўнія часы. Не змоўчаць яны і пра нашага знакамітага доктара-земляка, што сумяшчаў сучасную навуковую медыцыну са старымі традыцыямі лячэння зёлкамі і практыкаваў яшчэ зусім нядаўна ў суседніх Рубежэвічах - Станіславе Вількоцкам.
Асаблівай атмасферай адрозніваецца наш «габрэйскі домік» - рэальны дом-майстэрня-крама, што калісьці належаў Майсею Беразовічу, а зараз адноўлены ў сапраўдным зрубе ў Парку-музею інтэрактыўнай гісторыі "Сула". Наведванне рэканструяванага жылога пакою, швейнай майстэрні і невялікай прыватнай габрэйскай крамы дазволяць адчуць такую незвычайную і крыху чароўную атмасферу старабеларускай габрэйскай культуры і давецца шмат новага пра яе спадчыну.
Дзве дзеючыя майстэрні нашага мястэчка – ткацкая і шапавальная - распавядуць і прадэманструюць гасцям амаль забытыя зараз рамёствы – традыцыйнае беларускае ткацтва ды валянне з воўны. Хочаце паспрабавацб спрасці нітку, адчуць сябе ткачом паса альбо валяльшчыкам воўны, а таксама набыць нешта на памяць? Тады шчыра запрашаем у нашы местачковыя майстэрні!
А атрымаць яркія эмоцыі ды шчыра пасмяяцца нашым гасцям дазволіць наведванне музея беларускай батлейкі. Тут вы здолееце ня толькі даведацца шмат новага аб "юцюбе" мінулых стагоддзяў, але і паглядзець сапраўдны традыцыйны лялечны спектакль у нашай унікальная трохяруснай батлейцы з аўтарскімі лялькамі.
Фотагалерэя: