Welcome visitor you can log in or create an account

Пляцоўка славянскіх культаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На нашай незвычайнай пляцоўцы вас нечакана сустрэне… Прабацька ўсіх Багоў і Пачатак усіх Пачаткаў Род. На камяні, што ўвасабляе Адпачатнасць Жыцця, магічна раскручваецца спіраль Бясконцасці. Гэта й ёсць знак Роду - валадара ўсіх шляхоў Бязмежжа. А поруч – драўляныя стоды асноўных старажытнаславянскіх Багоў:

  • Бога-грамаўніка, апекуна харобрых і моцных, вояў і абаронцаў Пяруна;
  • Бога мудрасці і ведаў, апекуна продкаў Вялеса;
  • Багіні пладароднасці, апякункі сям’і і хатняга агменю Цёці;
  • Багіні вясны, кахання, апякункі дзявочага лёсу Лёлі.

Тут жа, на пляцоўцы, узвышаецца дрэва Роду, абгорнутае ручніком, магутнае карэнне, камель і крона якога злучаюць у Адзінства мінуласць, сучаснасць і будучынь, пакаленні дзядоў, бацькоў і дзяцей.

Асаблівая каштоўнасць музею – камень-Вяшчун. Ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя людзі з усёй ваколіцы прыходзілі пакланіцца яго нязнанай сіле. Як паведамляе пашпарт археалагічнага аб’екту, у 1953 годзе пад каменем былі праведзены археалагічныя раскопкі і выяўлены шматлікія слаі вуглю – сведчанні таго, што ля каменя цягам тысячагоддзяў запальвалі і пільна падтрымлівалі святарны нягасны вагонь. Дакладна вядома, што нашы папярэднікі лічылі гэткія камяні жытлом Багоў, духаў і продкаў, апекунамі і абярожнікамі роду, здольнымі загойваць целавыя і душэўныя раны, дараваць Божае блаславенне і падмогу на падаўжэнне жыцця. Мы ўжо назбіралі дастаткова аповедаў удзячных людзей, якія некалі звярталіся да каменя-Вешчуна і атрымалі чаканае лекаванне альбо нараджалі прыкліканае дзіця. Папросту дакраніцеся да гэтага магічнага каменя і папрасіце ў яго здароўя і сілы, і сівы пяцідзесяцітонны волат абавязкова пачуе вас і дапаможа.

А зусім побач месціцца старажытнаславянскае капішча, аточанае, як і належыць, камянямі, з сакральным агнішчам у самым цэнтры. Часам анімацыйнай экскурсіі менавіта тут з гасцямі зладоўваюць містычны абрад «ачышчэння вагнём».

Паляна дахрысціянскіх вераванняў, стоды, капішча, таямнічыя абрады… Увайдзіце ў глыбокую плынь гісторыі, у свет прабабулінага чараўніцтва ў Парку-музеі Інтэрактыўнай Гісторыі «Сула».

Фотогалерея: