Беларусь – Край замкаў
Насёння сярэднявечны квартал у Парку-музэі інтэрактыўнай гісторыі «Сула» – гэта збройная кузня, майстэрня па расколванні камянёў і вартавая вежа XII-XIII стагоддзяў, што знаходзіцца ў стане рэканструкцыі. Тут наведнікі комплексу могуць ня толькі ўявіць, але й адчуць дух даўно прамінулай эпохі.
Сульская кузня
Будыніна сульскай кузні ўзноўлена на падмурку вадзянога млына роду Ленскіх. Колісь гэты млын уваходзіў у комплекс забудоў бровара. У наш час у ім працуе адмысловец каваль, які з гатовасцю паказвае сваё майстэрства і гасцям Парку. Часам інтэрактыўнай экскурсіі з падмогай таленавітага рамесніка ўсялякі ахвочы можа выкаваць сабе сувенір – наканечнік стралы.
Дарэчы, гэткі інтэрактыў да месца не адно ў экскурсіі, але можа стаць арыгінальным дадаткам да карпаратыўнага свята альбо сямейнай урачыстасці.
Сульская вежа
Руіны піваварні Ленскіх – яшчэ адна каштоўнасць нашага комплексу. Уласная алкагольная прадукцыя ў мінулыя часы была візітовай карткай шляхты. А цяпер ад сульскай піваварні засталіся толькі паўразбураныя парэшткі. Праўда, ёсць план на яе месцы ўзвесці невялікі замак, у сярэднявечным стылі. Вядома ж, што ў XII-XIII стагоддзях непадалёк, на беразе ракі Сула, і насамрэч стаяў замак-крэпасць. Таму сучасны праект падаецца цалкам лагічным працягам сульскай гісторыі.
Асобна азначым: сёння наведнікі Парку-музэя інтэрактыўнай гісторыі «Сула» маюць рэдкую мажлівасць зрабіць свой унёсак у збудову замку – раскалоць камень, часціны якога потым знойдуць сваё месца ў сценах крэпасці. Майстар паказвае, як гэта робіцца, а наведнікі слухаюць ягоныя парады і… пазнаюць сакрэты старажытнага рамяства. Паспрабуйце раскалоць свой камень, запомніце яго, як добрага знаёмца, а наступным разам заедзеце ў Парк-музэй інтэрактыўнай гісторыі «Сула» - і знойдзеце яго ў замкавай сцяне.
«Беларусь – краіна замкаў» – стары паўзабыты слоган аднаўляецца й люструе сапраўдную сутнасць гісторыі сярэднявечча.
Фотагалерэя: