Welcome visitor you can log in or create an account

КАРАЛЕЎСКАЯ АСАМБЛЕЯ

У помным ХVI стагоддзі навакольныя лясы ня надта часта чулі людскія галасы – найбліжшыя паселішчы рассыпаліся далёка па-за межамі звілістай даліны, праз якую мкне сцюдзёная быстрыня ракі. Той ракі, з якой адно найменне мае й старажытная мясціна, дзе вілі радавое гняздо некалькі шляхецкіх сямей, змяняючы адна другую, - Сула. А ўсё-ткі зрэдзьчасу лясную цішу пранізвалі нязвыклыя гукі: магутны распеў паляўнічага рога, цокат конскіх капытаў, узбураная мужчынская гамонка. З году ў год тут, над ракой Сулай, на землях, што лічыліся асабістымі ўладаннямі караля Рэчы Паспалітай і Вялікага князя Літоўскага, наладжвалася знакамітае ў свеце княжае паляванне. Зразумела, кожнае з тых знаных паляванняў завяршалася паляўнічым каралеўскім піраваннем наўпрост пад расхінутым небам альбо ў адмысловым паляўнічым прытулку – палацы.

Калі пачыналася сучаснае ўзнаўленне сядзібы, у памяшканні, збудаваным апошнімі валадарамі Сулы – бліскучым родам Ленскіх на пачатку ХIХ стагоддзя, было вырашана стварыць куток шляхецкай велічы і годнасці, у які ня сорам было б склікаць самых вяльможных гасцей ды наладзіць сапраўдны каралеўскі прыём. Так з’явілася Каралеўская Асамблея – адна з найбольш стылёвых шыкоўных залаў сядзібы, з вялікім жывым агменем на покуці і наўмысна каванымі жырандолямі, што горда ўсталяваліся пад высокаю столяю між састарэлых спічатых вокнаў.

З таго дня, як абноўленая зала была гатова да прыёму першых гасцей, распачалося ўбранне старых каменных сцен дарагімі, ручна створанымі, габеленамі і карцінамі. Цяпер Каралеўская Асамблея стала залай шляхецкай славы, з каштоўнай калекцыяй партрэтаў каралёў Рэчы Паспалітай і Вялікіх князёў Вялікага княства Літоўскага. Сягоння яна праўдзіва слынная як гасцінная, незвычайна прыгожая збудова для правядзення баляў, вяселляў, спраўных сустрэч і прыёмаў, канферэнцый і шмат яшчэ якіх урачыстасцяў ды імпрэз.

З-пад шчыльнай каменнай кладкі, якой не зачапілі ні жорсткі бязлітасны час адпрэчання і забыцця, ні лютыя буры зменлівых эпох, ледзь-ледзь чутно роўнае дыханне сівой даўніны. Зручнасці ж, якімі абсталявана цяпер Каралеўская Асамблея, надаюць ёй мяккай вабнасці і абяцаюць кожнаму наведніку чаканы камфорт. Загадкавая паўцемра старога будынку, здаецца, прыклікае да кожнага з нашых гасцей светлае вытанчанае пачуццё судакранання з лёсам і справай не знаёмых зусім людзей, што жылі тут задоўга да нас, з іх марамі, памкненнямі, іх журбой і радасцю, абрынутымі аднойчы некуды ў немату нябыту.

Фотагалерэя:

АЗНАЁМЦЕСЯ ДАЛЕЙ З НАШЫМІ РЭСТАРАЦЫЯМІ

Бальная
зала
190 месцаў
Пан
Старкi
70 месцаў