Аднапакаёвы двухмесны стандарт (Два аднапакаевых ложкi) |
140,00 byn | 15 нумароў |
Аднапакаёвы трохмесны стандарт (Тры аднапакаевых ложкi) |
165,00 byn | 1 нумар |
Двухпакаёвы чатырохмясцовы камфорт (чатыры аднапакаевых ложкi) | 190,00 byn | 2 нумары |
Агульны кошт усяго Дома Ленскіх складае 2 645,00 byn у суткі. У гасцініцы можа размясціцца 41 чалавек.
Адзіны разліковы час – з 14.00 бягучых сутак да 12.00 наступных сутак.
Стол замоў: +375 (33) 644-54-51, +375 (44) 544-54-51.
Асабліва стылёва, шыкоўна, эксклюзіўна выглядае Boutique Hotel. Непаўторны стыль сядзібнага дому 18 стагодзьдзя, з унікальным аздабленнем і ўбраннем кожнага нумару, разгортвае старонкі слыннай гісторыі Вялікага княства Літоўскага.
Унікальнасць дызайну гатэлю, а таксама еўрапейскія стандарты прапаноўваных паслуг ствараюць атмасферу незабыўнага вандравання ў часе, і тут нават самы патрабавальны госць не застанецца абыякавым.
Стары сядзібны парк, што захінуў Boutique Hotel ад мітусні свету, абярожна ахінае й Вас. І апынуўшыся тут, праз колькі хвіляў Вы адчуеце сябе ў ціхай загараднай рэзыдэнцыі, дзе ўсё прызначана толькі асабіста для Вас.
Утульны камерны хол гатэлю, з агменем і стараладным фартэпіяна, спрыяе добраму, цёпламу паразуменню, стварае рамантычны прыўзняты настрой. І ўжо ніколі Вы не забудзеце гэтай насалоды вечаровых сустрэч з класічнай музыкай!
Нам вельмі хочацца, каб гэтае незвычайнае вандраванне стала для Вас напраўду непаўторным, і Вы адчулі сябе існымі Паняй ды Панам, што выбралі для прыпыну ў дарозе менавіта Парк-музэй інтэрактыўнай гісторыі «Сула». А нам радасна прапанаваць Вам дзеля гэтага трансфер на шыкоўным аўто альбо на нашым верталёце.
На тэрыторыі радавога маёнтку, у самым цэнтры старога парку, мы аднавілі ўтульны флігель-лядоўню, прыстасаваны цяпер ужо для адпачынку гасцей, што мараць пра цішыню й адасабленне.
Яшчэ ж у ХVIII стагоддзі тут быў палюботна й замілавана закладзены ландшафтна-пейзажны парк з незлічоным мноствам высакародных дзівосных дрэў. Першы паверх гэтай будыніны ручна зроблены з абчасанага бутавага каменя, аздобленага элементамі традыцыйнай для тае эпохі тынкоўкі з украпваннем чорнага граніту. Мансардавы ж паверх спрэс выкладзены з клінкернай цэглы і мае невялічкую тэрасу. У верхняй частцы франтон азначаны галоўным сімвалам масонаў – усечанай пірамідай з усевідушчым вокам. У сутарэннях размешчаны вінны склеп і дэгустацыйны пакой.
Дызайн інтэр’еру флігеля нечакана спалучае ў сабе брутальнасць сярэднявечнага замка і рамантычнае ўбранне шляхецкага маёнтка. Партрэты Вялікіх князёў уздоўж сцен, габелены, вытканыя паводле старажытных тэхналогій, кафляная печ-агмень, элітная мэбля… Усё гэта нібы неўпрыкмет узнаўляе сапраўды арыстакратычную атмасферу, нагадваючы пра слынную гісторыю гэтых мясцін. Вадаправод флігеля наўпрост падлучаны да гаючай крыніцы, якая й колісь даўно жывіла празрыста-чыстай вадой сядзібны дом.
Паперадзе дому зладавана аточаная двухсотгадовымі дрэвамі, захіленая ад вятроў, пляцоўка з прысадай, адмыслова асвятляная ўначы.
Флігель ідэальна адпавядае рамантычнай памкнёнасці закаханых ці вясельнай пАры схавацца, адсланіцца ад людзей усярэдзіну свайго мікрасвету. Падыходзіць гэтае цёплае ціхае месцейка-гняздо і ўсім, хто любіць і шукае нечага незвычайнага, асаблівага, непараўнальнага ні з чым будзённым.
Хто яны гэткія, варагі?– спытаеце Вы. І мы Вам адкажам: гэта ваяры з Поўначы, перадусім са Скандынавіі. Яшчэ іх называлі вікінгамі, нарманамі. Калі зрабіць спробу ўявіць сабе каторага з варагаў-вікінгаў, дык перад вачыма паўстане адважны дужы чалавек блізу 2-х метраў росту, апрануты ў незвычайны строй са скуры жывёліны: на галаве шлем, у руках – шчыт абарончы і вялізная сякера. Насамрэч так і выглядалі тагачасныя воі з паўночнага краю. У IX стагоддзі пралёг па нашых рэках – найперш па Заходняй Дзвіне, Нёмане і Дняпры – міжнародны гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі», які злучаў Скандынавію, Балтыю і Канстантынопаль (Візантыю). Звычайныя гандляры перапраўлялі па гэтым водным шляху розныя тавары. Варагі ж падпільноўвалі марскія судны, што кіраваліся ад Балтыйскага да Чорнага мора і назад, ды абкрадалі іх, нажываючыся чужым дабром.
Рака Сула, на беразе якой мы з Вамі спыніліся, - прыток Нёмана, і цалкам верагодна, у IX стагоддзі яна была нашмат шырэйшай, больш глыбокай і поўнай. Зыходзячы з геаграфічнага становішча нашай краіны, магчыма імаверна меркаваць, што й па нашай рацэ некалі прадаўна плылі на сваіх дракарах варагі. У XII-XIII стагоддзях нашы продкі карысталі варагаў почасту за наёмных вояў, якія ўдзельнічалі ў міжусобных войнах, а таксама ў нападах на чужынскія гарады і народы.
Напрыканцы XIII стагоддзя гандлёвыя сувязі між краін пашырэлі, варагі асіміляваліся на нашых землях, набылі спакваля іншыя імёны й самі пачалі карыстаць знакаміты водны шлях з гандлёвымі мэтамі.
А Вы, у наш ужо час, маеце вялікі шанец зарынуцца ў прыгодлівы свет вікінгаў, наняўшы нумар у Доме вікінгаў і дзень-другі пажыўшы на гэтай прыстані.
Непаўторна-цікавы ў Суле й дом Упраўленца сядзібы. Мясцовыя жыхары люботна называюць яго «Домам Эканома», настальгова згадваючы былыя добрыя часы росквіту маёнтка й ваколіц. За аўтэнтычным фасадам прыхаваўся камфартабельны гатэль на 8 нумароў. І фасад і інтэр’ер цалкавіта выкананы з дрэва, і ў гармоніі з драўлянай мэбляй, стылізаванай пад старажытнасць, ствараюць асаблівую ўтульнасць і цеплыню. А ўвесь дом глядзіцца як арганічны ансамбль.
Цёплая, амаль хатняя атмасфера ў «Доме Эканома» надасць Вашаму адпачынку адкрытасці, натуральнасці, і гэта падможа зліцца з рухамі прыроды, глыбей адчуць лёс гэтай закінутай сярод лесу сядзібы і яе гаспадароў. Моцны лёгкі сон, роўны стан спакою і насалоды, што ахутаюць Вас ва ўлонні нерушнай цнатлівай прыроды і самабытных інтэр’ераў, падораць добрую сілу, энэргію і натхненне жыць, працаваць, ствараць, мяняць нешта да лепшага. Паспытаўшы такое аднойчы, Вы абавязкова захочаце вярнуцца сюды яшчэ калі-небудзь ізноў. Каб насаладзіцца ўдосталь папросту тым, што дыхаеш, ідзеш, углядаешся ў далеч, вызваляючыся ад усяго штучнага, непатрэбнага, пазбытага, і шчыра давяраючы жыццю.