Welcome visitor you can log in or create an account

Пра парк

 
 

А цуды ўсё-ткі здараюцца. І спаўняюцца мары. Мы перакананы. І вас клічам пераканацца. У старадаўнюю Сулу, што распачала новы лёс.


Даўгая, як птушыны вырай, чарада гадоў прамільгнула над гэтай дзівоснай слыннай мясцінай, пакуль мы люботна і рупліва ўздымалі з разлому забыцця яе прыгоства і непаўторную прыцягальнасць. І вось маем гонар Вас пазнаёміць: сядзібна-паркавы комплекс “Парк гісторыі Сула” – элітны цэнтр свецкага і культурнага жыцця.

 

Ідэя адраджэння гэтае помнае сядзібы ўгрунтавана ў глыбізнай пашане да нашых продкаў, да багатай тысячагадовай гісторыі і велічнай адметнай культуры нашага народу.

 

Цяпер мы шчасліва адчыняем перад Вамі ветлыя веснічкі ў незвычайны свет – свет, дзе знікаюць неўпрыкмет межы і сплятаюцца ў светлае злучво матэрыя і Дух, штодзённсць і вечнасць, дзе ўзнаўляецца непарыўная повязь эпох, адчайна аціхлая ў нядаўняй мінуласці. Цяпер усё паўстае тут жывым, датклівым, трапяткім і... праўдзівым. Усё вабіць, прыклікае святочна ўвайсці, акунуцца ў чароўную, вытанчаную атмасфэру Беларускай сядзібы 18-га стагоддзя. І гэтак, Вы гатовы ў заманлівую прыгодніцкую вандроўку праз час?


Тады неадкладна выпраўляемся!


Ад’ехаўшы ад сталіцы ні больш ні менш, як 49 маляўнічых вёрст (а сорак і дзевяць у Традыцыі – лічбы містычныя!), мы апынаемся ва ўлонні старадаўняга шляхецкага селішча. Тут годна запрашае нас у прастору іншага, прамінулага даўно жыцця, помная брама. І… перад вачыма з’яўляецца, нібы з туманоў бытнасці, троху суровы будынак, складзены з часанага бутавага каменя, - Каралеўская Асамблея, узвершаная вежай з гарадскім гадзіннікам, што дакладна, мэладычна адбівае хаду часу, рассыпаючы звонкае рэха па ўсёй ваколіцы. За шклянымі дзвярыма Асамблеі расхінаецца зала рыцарскай славы, узбагачаная ўнікальным зборам карцін і габэленаў, асветленая сярэднявечнымі жырандолямі і абкружаная, як абярогамі, ручнастворанымі паходнямі. А насустрач нам зырка палымнее агромністы, сапраўды каралеўскі, агмень. Замоўна шапоча гаваркі вагонь, і шыкоўная цырыманіяльная зала, што змяшчае каля дзвюх соцен гасцей, падаецца незвычайна ўтульнай, цёплай, нават злёгку загадкавай.


Далей, шпацыруючы брукаванкай, мы дойдзем да сцішанай, ахоўванай каванымі лаўкамі, сажалкі і пакіруем да стайні, дзе, магчыма, хораша пагамонім з добрымі і разумнымі коньмі. Тут нехта з вас наведае манеж пад дахам. Самыя ж адважныя стануць вершнікамі альбо здзейсняць нядоўгае падарожжа ў фаэтоне.


І мы адчуем, як светлая аура прамінулых стагоддзяў, што калыхаецца ў кожным куточку парку, ахутвае нас, прымае ў нябачныя абдоймы. А ў старым трохсотгадовым парку, як і некалі прадаўна, таямніча перамаўляюцца экзатычныя расліны, патрапілыя сюды з невядомых далёкіх краёў. Скрозь цянёты дрэў сцяжынка звыкла выведзе да сцямнелага ў часе флігеля-лядоўні, на фасадзе якога адкрыюцца раптам незразумелыя сакральныя знакі сівой даўніны, накрэсленыя “вольнымі каменшчыкамі”.


Дзіўныя гісторыі Сулы, змоўклыя і гаманкія, аніяк не пакінуць нікога з нас у спакоі. Вось нечакана з прысадаў парку выплыве, быццам зблукалы карабель, таемка-напамін пра антычныя часы - прыхаваная ад людскіх паглядаў адзінотная капліца. Невялічкі храм-ратонда ўзабраўся на самую вяршыню насыпанага тут нейкім дбайцам 30-метровага пірамідальнага ўзгорку, нібыта збіраецца распачаць сакральнае Пасвячэнне.


Сапраўды ж трагічная, не разгаданая й дасюль доля спасцігла гэтую каплічку. Хіба асцярожна можна крануцца такой далікатнай тэмы ў музэі шляхецкага роду, дзе зычлівая гаспадыня ўдзячліва і шчыра апавядае пра лёс апошніх гаспадароў сядзібы і нават спрабуе расшыфраваць код “піраміды Ленскіх”.


Павольная плыня ракі Сула, што журкатліва бяжыць скрозь парк, каб нажывіць чысцінёй прыгожую поўніцу возера, мяккі пляжны пясок, шэзлонгі на беразе, прыманліва-шчодрая рыбалка ствараюць настрой міралюбнасці і даверу. Ліхтары ж увечары, як зляцелыя зоркі, рамантычна прасвечваюць цемрыва, утвараючы карункавыя варажбітныя ўзоры. А над паркам тым часам лунаюць гукі класічнай музыкі, павяртаючы думкі і згадкі да гисторыи сядзібы, да яе цудаў і чараў, да містычных паваротак лёсу ўладароў гэтай зямлі, што быццам наўмысна пакінулі тут сляды таямніц, але схавалі магічны ключ ад іх, які знойдзе, мабыць, аднойчы нехта абраны – надзвычайна духова развіты…


Затое этнічная рэстарацыя “Пан Старкi” гасцінна разнасцежыць дзверы перад кожным ахвочым паласавацца стравамі розных народаў, што насялялі колісь краіну слынных папярэднікаў нашых - Вялікае княства Літоўскае. Але спачатку… Спачатку мы наўпрост патрапім у тое далёкае сярэднявечча, апавітае ўзнёслымі паданнямі і легендамі. І вось… нібы разгортваецца заслона часу, адкрываючы нам на пазнанне непараўнальныя роспісы на сценах, з сюжэтамі рыцарскіх турніраў, адмыслова змайстраваныя свяцільні і паходні, аўтарскую каваную мэблю. Тут пераплецены быласць і сучаснасць. Бо да святочнага стала нам падаюць рознае смакоцце, прыгатаванае таленавітым шэф-кухарам з узрошчаных мясцовымі рупліўцамі раслін ва ўласнай фермерскай гаспадарцы. І мы ласуемся свежай гароднінай, яйкамі, каштуем натуральныя малочныя ласункі. Створаны ж гэтыя – азначым - кулінарныя шэдэўры паводле старажытных рэцэптаў, вынайдзеных у архівах Менску і Вільні.


У вусцішным сутонні вечара, атуленым шчыльным покрывам гісторыі, можа збыцца найфантастычная мара. Ня верыце? Тады застаньцеся тут нанач, адпачнеце ў магічным шляхецкім асяродку, дзе клапатліва захаваны інтэр’еры іншага стагоддзя, далікатна спалучаныя з раскошай і камфортам сучаснага бутык-гатэлю. І гэтак, перамяшчэнне ў часе пачынаецца. У хатнім утуле, дзе суграюцца душа і памяць, Ваш адпачынак атачаюць партрэты каралёў і князёў ВКЛ, бо кожны з нумароў бутык-гатэлю прысвечаны значным гістарычным персанажам і аздоблены ў вялікакняжым стылі. Шыкоўная элітная мэбля з масіву дубу і карэльскай бярозы, новаствораная беларускімі майстрамі на ўзор адметна шляхецкай, толькі дадае чароўнасці моманту сустрэчы з мінуўшчынай: мы з Вамі не выпадковыя блуканцы ў вірах эпох. Мы – паслядоўнікі добрых задум і спраў колішніх гаспадароў айчыннага Краю.


А таму годна і ўдзячліва спажываем дарункі зямлі і гераічных продкаў.


У парку Сула, як і ў кожным дні жыцця, ёсць выбар: можна прыпыніць хаду часу і пачуцца высокім госцем бутык-гатэлю, а можна куды сціплей пажыць у “Доме эканома”, у якім гэтаксама стылёва зладаваны восем нумароў. Але ўсіх прыязна прыме, усіх нажывіць новай энэргіяй размешчаная блізу невялічкай сажалкі сауна, ацепленая дровамі, са SPA-працэдурамі, з лёгкім духам і гарбатай, настоенай на пушчанскіх зёлках.


Цяпер варта горда нагадаць: наш цудны містычны парк разам з Мірскім замкам і Нясвіжскім палацам утвараюць своеасаблівы залаты турыстычны трыкутнік Беларусі. І мы лічым за шанец правесці Вас незабыўнымі княжымі шляхамі на камфартабельным аўтобусе альбо ўладаваць аглядныя паветраныя экскурсіі самалётам Cessna ці верталётам Robinson з турыстычнага аэрадрому, што працуе тут, на сядзібе Ленскіх Сула. Маем пэўнасць: дарога, што паклікала Вас аднойчы да гэтай незвычайнай мясціны, з ейнай асаблівай сілай прыцягнення, з таямніцамі і агаламшальнымі здагадкамі, яшчэ ня раз выведзе да рачулкі Сулы, да старадаўняга ладу шляхецкай бытнасці, патрабуючы зноў і зноў жывой прысутнасці ў кропцы нашай гістарычнай магуты і славы. Павяртайцеся! Будзем разам спасцігаць неўміручую ісціну любові і адданасці сваёй зямлі.

Аўтар ідэі і праекту адраджэння Парку гісторыі Сула

Андрэй Запольскі

 
Онлайн-бронирование3
Выберите тип номера
Гости
Въезд
Выезд
Персональная информация
Дополнительная информация:
Отправить
Сбросить
Онлайн-бронирование1
Выберите тип номера
Гости
Въезд
Выезд
Персональная информация
Дополнительная информация:
Отправить
Сбросить
Онлайн-бронирование2
Выберите тип номера
Гости
Въезд
Выезд
Персональная информация
Дополнительная информация:
Отправить
Сбросить
Онлайн-бронирование4
Выберите тип номера
Гости
Въезд
Выезд
Персональная информация
Дополнительная информация:
Отправить
Сбросить